
Галоўнай ідэяй веснавога цыклу народных свят была ідэя адраджэння і аднаўлення прыроды. Вясной пачынаюцца самыя адказныя сялянскія работы: ворыва, сяўба, выган скаціны ў поле.
Абуджэнне прыроды пасля працяглай зімовай спячкі патрабавала аднаўлення чалавека. Ён імкнуўся ачысціць сваю душу, падрыхтаваць арганізм да пераходу на новую ежу. На гэты час выпадае самы працяглы Вялікі пост. Як бы просячы прабачэння ва ўсяго жывога, селянін не толькі не забіваў у пост ніякай скаціны, але не гатаваў малочных і мясных страў.
Гуканне вясны пачыналася 14 сакавіка (1 па старому стылю) . У поўдзень моладзь збіралася гуртам і ішла за ваколіцу, на ўзвышша, спяваць. Высокае месца выбіралі таму, што яно першае вызвалялася з-пад снегу.
Хлопцы збіралі з усяе вескі розную старызну і зносілі іх у адно месца і распалівалі вогнішча. Вясна бачылася нашым продкам часам новага ўваскрэсення, святам пачатку новага года, лета. Нараджэнне новага магчыма толькі праз адміранне старога. Таму і ачышчалі хлопцы зямлю, а дзяўчаты поўнілі яе песнямі-гаканнямі.
Абстрактнае для старажытных людзей паняцце надыходу вясны ўвасаблялася ў зразумелыя чалавечыя вобразы - прыгожую, квітнеючую дзяўчыну, зэяўленне якой звязывалі з прылетам птушак з выраю і таму іх клікалі-гукалі:

Жавароначкі, прыляціце - у-у-у-у!
Вы нам лецейка прынясіце - у-у-у-у!
А зімачку забярыце - у-у-у-у!
Бо нам зімачка надаела - у-у-у-у!
Усе хлебушкі пераела - у-у-у-у!
Спевы вяснянак і гукальных карагодаў на ўзгорках суправаджаліся подкідваннем уверх печыва ў выглядзе жаўрукоў, кулікоў, буслоў, што павінна было вызваць хутчэйшы надыход вясны.
22 сакавіка адзначаюцца Саракі (Саракасвятныя, Сорак мучанікаў). Меркавалася, што вясна паволі ўступае ў свае правы і дадому вяртаецца 40 выраяў. Жанчыны выпякалі з цеста для дзяцей сорак галушак, піражкоў у выглядзе птушак. Дзеці бегалі па весцы, высока трымаючы галушкі ў руцэ, або нанізвалі іх на пруток, залазілі на страху і спявалі веснавыя песні. Вечарам рытуальнае печыва трэба было з'есці.
Саракі, як і Аўдакея-вясноўка, былі чарговым этапам гукання вясны, якое будзе доўжыцца да самага Благавешчання.
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
||
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
||
|
|||||
![]() |
|||||
| Copyright © 2005 Ilona Sorokina Anton Drozdoff |
|
||||